"Усё магчыма!". Цэслер, Пракапеня, Вольскі ды іншыя знакамітасці зняліся ў прома-кампаніі юбілейнага «Паўночнага ззяння»

12 Апреля 2019 2236 0 Дизайн Креатив Нестандарт
Поделиться

Кінафестываль абвяcціў сёлетнія слоган і візуальную канцэпцыю.

«Усё магчыма!» | «Everything is possible»

Новы слоган 5-га юбілейнага Фестывалю кіно Паўночных і Балтыйскіх краін «Паўночнае ззянне», які пройдзе ў Мінску з 10 па 17 траўня. Галоўнай пляцоўкай традыцыйна стане кінатэатр «МІР».

Кінафестываль «Паўночнае ззянне» надае вялікую ўвагу пазіцыянаванню і стварэнню ўласнай візуальнай і мастацкай мовы. Мы лічым, што аб’яднаць розныя фільмы пад адным слоганам у адной праграме – гэта творчая праца, якая патрабуе пільнага падыходу. Таму кожны год мы маем новы слоган, які адлюстроўвае галоўную ідэю.

Слоган 2019 «Усё магчыма» звяртае ўвагу на бязмежныя магчымасці свету. Мы перакананыя, што яны адкрываюцца кожнаму, хто гэтага пажадае.


Мы сцвярджаем, што магчыма рабіць незалежны кінафестываль у Беларусі ўжо 5 гадоў, размаўляць адкрыта на складаныя тэмы, знаходзіць рашэнні канфліктаў, весці дыскусію з пазіцыі win-win і паважаць адзін аднаго – усё магчыма!

Сёлетняя місія фестывалю — натхніць беларусаў рухацца наперад, усміхацца і прыслухоўвацца да сябе.
Адзначыць з намі 5-гадовы юбілей і падтрымаць канцэпцыю «Усё магчыма» мы запрасілі пяцёра выбітных людзей сучаснасці, якія задзейнічаныя ў розных сферах, маюць свой голас і дзякуючы сваёй працавітасці і таленту дабіваюцца поспехаў.


Нашыя героі сваім удзелам у прома-кампаніі «Паўночнага ззяння» паказалі, як працуе салідарнасць і ўзаемападтрымка:

Музыка Лявон Вольскі, кумір маладосці і сучаснасці, сімвал пакалення, пераконвае і натхняе сваёй музыкай шмат беларусаў

Кінарэжысёрка Дар’я Жук, чый фільм «Крышталь» быў высунуты на Оскар ад Беларусі і якая таксама шмат робіць для паляпшэння стаўлення да жанчын у кінематографе

Дызайнер Уладзімір Цэслер, легенда беларускага дызайну, які паказаў, як цікава ў мастацтве працуе іронія, што ў дызайне магчыма ўсё: зрабіць зубную шчотку з зубоў, букет ружаў з пяльменяў і міліцыю з мілавіцы

IT-прадпрымальнік і венчурны інвестар Віктар Пракапеня, які даказаў, што ў краіне са складанымі эканамічнымі ўмовамі магчымы асабісты рост і развіццё бізнесу

Аляксандра Чычыкава — Міс свету-2017 на вазку, якая разбурае стэрэатыпы і з’яўляецца прыкладам унутранай сілы, смеласці, адкрытасці і дабрыні.


«Я вырашыла звярнуць увагу на раскрытую далонь, якая сімвалізуе лічбу пяць і таксама з’яўляецца нашай галоўнай лічбай сёлета. Раскрытая далонь – гэта адкрытасць, шчырасць, радасць – акурат тое, што патрэбна на святкаванні дня народзінаў. Усе мы маем розныя зыходныя пазыцыі — рост, вагу, пол, выхаванне, жывем у розных фінансавых умовах, — але ў кожнага з нас ёсць свой асабісты маральны выбар, які залежыць ад нашага ўнутранага свету, ад абазнанасці пра саму/самога сябе. Слоганам «Усё магчыма» мы заклікаем факусавацца на сабе і сваіх бязмежных магчымасцях»


Візуальная канцэпцыя «Усё магчыма» падмацаваная не толькі візуальнай прадукцыяй, але і традыцыйным фестывальным відэа. Ідэя з раскрытай далонню, а таксама фільмы рэжысёра Рабэра Брэсона (які ў сваіх фільмах часта выкарыстоўвае мову цела і жэстаў) натхнілі нас на гэты ролік. У сёлетнім відэа запрошаныя героі шмат жэстыкулююць, у метафарычным сэнсе дэманструюць, што ўсё ў нашых руках. У роліку зняліся Аляксандра Чычыкава, Лявон Вольскі і Уладзімір Цэслер. Музыку для роліка напісаў кампазітар Дзяніс Кудраўцаў («Сінія горы»), пастаянны аўтар музыкі да ролікаў «Паўночнага ззяння». Яго кампазіцыя выконваецца пераважна рукамі. Гэта зроблена ў падтрымку канцэпцыі «Усё магчыма» і прысутнасці рук у візуальнай мове кінафестывалю.  

Сёлета «Паўночнае Ззянне» ўключае ў сябе 18 фільмаў асноўнай праграмы з Паўночнаеўрапейскіх і Балтыйскіх краін. Упершыню мы пакажам анімацыю і сферычныя фільмы, а таксама гульнявы фільм з Грэнландыі. Таксама плануецца рэтраспектыва і варкшопы для дакументалістаў і шмат іншых падзей з удзелам замежных гасцей у межах індустрыйнай платформы «Паўночнага ззяння».

Праграма будзе абвешчаная 15 красавіка. 





Поделиться
Материалы по теме:
Обсуждение:
Читайте также: