Cтартаваў прыём працаў на VII фестываль беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі aDNaK!

6 Мая 2016 marketing.by 5466 1 AD.NAK! Фестивали и конкурсы
Поделиться

З 5 мая да 10 чэрвеня адкрыты прыём працаў ад удзельнікаў Фестывалю, а цырымонія ўзнагароджання пройдзе 30 чэрвеня ў Мінску. Фестываль не страціў сваёй сацыяльнай значнасці, таму ўдзел у ім, як і заўсёды, бясплатны.

Канцэпцыя сёлетняга Сёмага AD.NAK! — “аDNаK — ген беларускага крэатыву”. Фiрмовы стыль распрацаваны агенцтвам AIDA Pioneer. 

YYD_1124.jpg

Канцэпцыю Фестывалю тлумачыць каардынатар кампаніі “Будзьма беларусамі!”, ініцыятара aDNaK!, Ніна Шыдлоўская: 

-  Першы фестываль запусціў рухавік беларускамоўнай рэкламы. Цягам гэтых гадоў мы імкнуліся акцэнтаваць увагу на розных момантах:  вызначыць становішча беларускамоўнай рэкламы,  даць штуршок у развіцці рэкламна-камунікацыйнага рынку,і замацаваць беларускую мову ў сферы бізнесу як адметны сродак камунікацыі. Зараз мы вырашылі зноў вярнуць увагу рэкламістаў і рэкламадаўцаў на тое, што сапраўдныя шэдэўры можна ствараць толькі на грунце тысячагадовых каштоўнасцяў, якія ўжо закладзеныя ў нашых генах”.

YYD_1227.jpg

Вiдавочна, што за апошнія гады ў Мінску і рэгіёнах Беларусі стала заўважна болей беларускамоўных і беларускаарыентаваных праектаў. Таксама з’явілася пэўная колькасць камунікацыйных прадуктаў па-за ўласна беларускамоўным культурным полем, якія папулярызуюць абсалютна розныя рэчы і паслугі, выкарыстоўваючы візуальныя элементы нашай традыцыйнай культуры. 

Спрадвечныя беларускія ўзоры цяпер можна сустрэць не толькі на ручніках або ў музеі, але і на вопратцы, аўто, апошняй мадэлі смартфона і нават на ўпакоўцы харчовых прадуктаў. Тэматыка аўтэнтыкі ўсё больш прываблівае беларускую моладзь. І бізнес, як звычайна, найперш рэагуе на попыт, усё ахвотней стварае рэкламны і камунікацыйны прадукт на падставе традыцыйных каштоўнасцяў.

YYD_1062.jpg

Аргкамітэт Фестывалю вітае гэтыя працэсы, але лічыць, што яны, з аднаго боку, павінныя ўцягваць у сваё кола ўсё новых рэкламістаў, спецыялістаў у сферы камунікацыі, культурніцкіх менеджараў і прадзюсараў. А з іншага — працягваць развіваць і паглыбляць прысутнасць беларускай культуры ў рэкламе, якая не павінная зводзіцца да пераносу традыцыйных арнаментаў на сучасныя вырабы. Такая цікавасць можа быць няўстойлівай.

Дзеля гэтага Фестываль і прапаноўвае аб’яднаць намаганні і дапамагчы беларускамоўнай рэкламе раскрыць свой ген крэатыўнасці!

Прыём працаў да ўдзелу ў намінацыях і конкурсах Сёмага фестывалю aDNaK! пачынаецца 5 мая. Дэдлайн прыёму работ прызначаны на 10 чэрвеня. А неад’емная фінальная частка Фестывалю — урачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў з папярэдняй адукацыйнай праграмай — пройдзе 30 чэрвеня ў Мінску.

Падчас Фестывалю плануецца, як заўжды, разнастайная адукацыйная праграма з удзелам як беларускіх і замежных рэкламістаў, так і цікавых асобаў з іншых сфераў, якія пашыраюць еўрапейскія падыходы і тэндэнцыі, уплываючы на рэкламу і бізнес-камунікацыю.

Падрабязная праграма будзе абвешчаная напрыканцы траўня.

Генеральным партнёрам Фестывалю трэці год запар выступае кампанія velcom. Да правядзення Фестывалю далучыліся таксама 45 арганізацыйных і медыяпартнёраў. І пул партнёраў адкрыты!

Дадатковую інфармацыю пра Фестываль можна атрымаць на сайце adnak.by, па тэлефоне +375 29 371-01-21 альбо праз e-mail adnak@budzma.org.

Да ведама. 55,6% беларусаў “за” беларускую мову ў рэкламе (паводле апытання “Новак” на замову “Будзьма беларусамі!”, 2012 г.), гэтую лічбу пацвердзілі MASMI ў 2014 г. (56%). Паводле MASMI (2014 г.), 60% рэспандэнтаў падтрымліваюць беларускую мову ў афармленні гарадоў і вітрын. Адпаведнае даследаванне кампанія “Будзьма беларусамі!” плануе ў 1-м паўгоддзі 2016 г.

Поделиться
Материалы по теме:
Обсуждение:
Читайте также: